Марыё Бэнэдэці (1920-2009)
Страшыдлы
Як сорамна
ўва мне няма ўласных страшыдлаў
я не палю люльку на тле далягляду
што б там ні было веру ў неабходнасьць
маёй плоці для мяне й майго ценю
суботнімі вечарамі набіраюся мужнасьці
мой нос—які сорам—не падобны да носу Гётэ
я не саромеюся за сваю мэлянхолію
й часта ледзь не забываюся што самагубства—ня выйсьце
які сорам—я ў захапленьні ад жанчын
асабліва калі яны пасьлядоўныя й хударлявыя
і ня блытаюць смагу з параксізмам
які сорам божухна мне не падабаецца Ёнэска
аднак мне бракуе гэтых нутраных страшыдлаў
я б хацеў абяцаць паклаўшы руку на сэрца
і сумнявацца ў прозе як усе
які сорам вечарамі які сорам
найбольш цёмнымі зімовымі вечарамі
я люблю ўскараскацца на вакно
й глядзець як дажджына даганяе маіх крэдытораў
і пачынаю чакаць ці дакладней чакаць цябе
як быццам сьмерць ёсьць толькі ілжывай трывогай
Што той голас
Калі ты сьпяшаесься на аўтобус караскаесься ў яго
ты ня ведаеш, што лістапад едзе з табою
кішэнны злодзей лістапад забярэ ў цябе твой голас
аб якім ты яшчэ ня ведаеш ат той голас
ты падумаеш я падумаю хіба гэта цяжка
тым часам як лістапад корпаецца ў тваёй кішэні
першы кандыдат прадпрымальнік але прыдурак
другі гомік і размаўляе басам
трэці ўрачыста замілаваны сабой і адшліфаваны
чацьвёрты сапраўдны кантрабандыст але адукаваны
ты падумаеш я падумаю хіба гэта цяжка
тым часам як лістапад корпаецца ў тваёй кішэні
з часоў свайго дзядулі белай ці іншай расы
ты быў рашуча наладжаны пагадзіцца
з тым, што твой голас нічога не вырашае
ты падумаеш я падумаю хіба гэта цяжка
тым часам як лістапад корпаецца ў тваёй кішэні
адзін прапаноўвае табе бестурботную працу
другі абяцае працу бяз цьвёрдага графіку
трэці забясьпечвае працу бязь лішніх клопатаў
чацьвёрты гарантуе працу без намогі
ты падумаеш о лепей ужо ня думай лістапад
ужо знайшоў у тваёй кішэні твой голас
калі ты выходзіш з аўтобусу й запальваеш
цыгарэту а сёмай гадзіне з чвэрцю
ты пачуваеш сябе задаволеным дэмакратам
Інтэрвію
Не для мяне гэта не праблема
растлумачыць вам што я думаю
наконт бясконцасьці
бясконцасьць гэта
ўсяго толькі
гаркавы сьцюдзёны вецер
які дражніць сьлізкія абалонкі
скуру
й мэтафары
і ўганяе вам у вочы
дзяжурныя сьлёзы
а ў горла камяк
прадказаньня
несумнеўна вы ўжо зьвярнулі ўвагу на тое
што я ў прынцыпе ня веру
ў існаваньне бясконцасьці.
Добра наконт палітыкі
божухна
наконт палітыкі
мой прадзядуля што быў лібэралам
цікаваў за пакаёўкамі ў прыбіральні
мой дзядуля-рэакцыянэр
хаваў ключы ад шуфлядаў з вэксэлямі
мой бацька-камуніст
набываў гектары з гідлівым жэстам
я—паэт
паночку
і вы павінны ведаць што ўсе паэты
жывуць на іншым баку гэтага сьвету
вядома магчыма ў вас замала часу
і замала цярплівасьці
але вы павінны здагадвацца, што ў прынцыпе
я ня веру ў палітыку.
Ну натуральна стыль
што я думаю наконт стылю
такая спантанная рэч што паўстае сама
я заўсёды пісаў у ложку
гэта нашмат лепш чым у цягніку
што яшчэ дадаць
ах так я ўмею ўжываць сынонімы
небагаты неквяцісты сьціплы абмежаваны
я заўсёды пішу думаючы аб будучыні
але будучыня
страціла для мяне прывабнасьць
прабачце вы ўжо ведаеце што ў прынцыпе
я ня веру ў стыль.
Каханьне каханьне
ат ліха
каханьне
нечакана жанчына
пачынае вам падабацца
добра калі заўгодна
душа
сэрца
й галоўнае ногі
магчымасьць працягнуць руку
й знайсьці яе побач зьлева
яе што спакойна
ці неспакойна
ўсьміхаецца вам з глыбіні
калодзежу чарговага сну
ці пазірае пазірае
як часам людзі пазіраюць
адзін на аднаго перад пацалункам
у рэшце рэшт
і вы і я ведаем
што ў прынцыпе
каханьне
каханьне
сур’ёзная штука.
Калі ласка
апошняга
не публікуйце.
Да той, якая праходзіць міма
Крок што мінае
твар прамінулы
што яшчэ трэба
я гляджу на цябе
потым забудуся
потым у самоце
ў самоце пазьней
дакладна забудуся.
Крок што мінае
твар прамінулы
што яшчэ трэба
кахаю цябе
кахаю цябе на працягу
якой пары хвілінаў
у мяне няма часу
кахаць цябе болей.
Крок што мінае
твар прамінулы
што яшчэ трэба
ах не
не спакушай мяне
бо калі мы спакусімся гэтым
мы ня здолеем забыцца
бывай
Пераклад – Макс Шчур, 2005